66
Стамлёны ўсім, я лепш сустрэў бы смерць,
Чым бачыць занядбаных жабраванне,
І здзек пустапарожнасці цярпець,
І найчысцейшай праўды зневажанне,
І бачыць пыху ў залатых страях,
І цноту, згвалчаную хіжай сілай,
І для бязглуздасці пачэсны шлях,
І моц, якую немач паланіла.
І мастакоў нізкапаклонны зброд,
І недарэк мастацтвазнаўцаў з імі,
І ісціну, якой затулен рот,
І зло, што верхаводзіць над усімі.
Стамлёны ўсім, сумую па труне,
Ды як, мой сябра, будзе без мяне?
У.Шэкспір |